Most read ▸
Уладзімір Дубоўка
Якіх толькі кветак на свеце няма,
на свеце бязмежным, шырокім!
Якая на іх не бывае зіма, –
вясной весяляць яны вока!
Уцеху прыносяць старым і малым,
вянкі з іх кладуць і пакойным:
усіх караством надараюць сваім,
угояць і смутак няўгойны...
А ты, кармазынам убраны кіпрэй,
таёжная, сціплая кветка,
не толькі красою здзіўляеш людзей,
здзіўляеш ты сілаю рэдкай.
Калі надыходзіць навала вятроў
і першы мароз залютуе –
сабой затуляеш сваіх ты сяброў
і смерцю ад смерці ратуеш.
Зноў сёння ўнучка Тоня
пытанне мне задае:
– Радзіма… Што гэта такое?
Як пазнаваць мне яе?
Вы ведаеце, дзеці,
які я ёй даў адказ,
па якой прыкмеце
Радзіму пазнаць можна ўраз?
Чуеш, як птушка спявае?
У песні яе жывой –
голас роднага краю,
голас Радзімы тваёй.
Бачыш, як сад квітнее,
як ззяе на лузе раса?
То роднага краю надзея,
то любай Радзімы краса.
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?
Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціша праходзіце вы, як жывыя,
Ззяючы мілай красой.
Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гуд шчаслівы,
Песня магутных дубоў...
Люблю я твой пясчаны скат
І хвоек нізкіх гурт пахілы,
Капцоў гранічных цэлы рад.
Люблю той лес, што над табою
Высока ўзняў свае камлі;
Яго ж карэнні над вадою
Нібы вянок табе сплялі...
Струменіць Нёман срэбраводны
Ў тваіх прыўдалых берагах,
А ў лозах ветрык вее згодны,
І ходзіць шум па чаратах.
Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
Разложных хвоек гурт пахілы
І ціхі гоман лазнякоў.
Як цяжка, як горка нам, бедным, старэць
І волас знаходзіць свой сівы!
Эх, старасць! Зʼеш цябе лепей мядзведзь!
Ідзі ты ў бясплодныя нівы!
Былінка прад люстрай стаіць,
Самую сябе разглядае.
І бачыць – сівізна, о гора, блішчыць,
І блекне краса, прападае!
Як цяжка нам, бедным, старэць
І волас знаходзіць свой сівы!
Эх, зʼеш цябе, старасць, мядзведзь!
Ідзі на бясплодныя нівы.
Былінка прад люстрай стаіць,
Самую сябе разглядае.
І бачыць – сівізна блішчыць –
Эх, блекне краса маладая!
Як толькі прыйдзе дзень вясновы
І стане возера сінець,
Я, хоць рыбак не адмысловы,
Люблю за вудачкай сядзець.
Гляджу ў ваду. Ды то ж не жарты —
Уклейкі, плоткі, галаўні,
Язі паважныя і карпы,
Што тыя зебры,— акуні.
Як непаседы, верхаводкі
Падскокваюць, вада ў кругах,
Стары шчупак падводнай лодкай
Стаіўся хіжа ў чаратах.
Мянтуз выходзіць палахліва
На шыр з затопленых асок.
Чаму ж такі я нешчаслівы —
Не ўзварухнецца паплавок.